8 снежня б.г. нашую школу наведалі працаўнікі адукацыйных устаноў з Мінска на Беларусі. Былі яны зацікаўлены гісторыяй ды сучасным днём нашай школы, а таксама дзейнасцю беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. На пачатак адбылася міні-экскурсія па школьным будынку, дзе настаўнікі з Беларусі знаёміліся з умовамі працы ў нашай школе, глядзелі абсталяванне і дапаможнікі, якімі мы карыстаемся на занятках.
Далейшая сустрэча працягвалася ў чытальні, дзе дырэктар Ігар Лукашук расказаў м. інш. пра тое, як беларусы ў Польшчы падтрымоўваюць сваю тоеснасць ды адказваў на шматлікія пытанні нашых гасцей. У ходзе сустрэчы прэзентаваліся таксама мультымедыйныя прэзентацыі аб нашай школе і яе супрацоўніцтве з іншымі еўрапейскімі школамі. Абодва бакі сустрэчы выявілі таксама патрэбу далейшых кантактаў ды ўзаемнага супрацоўніцтва.